За парадак на зямлі. Як у Оршы будуецца сквер Працоўнай Славы
У Оршы працягваюцца працы ў будучым скверы на месцы ўстаноўкі стэлы з ганаровым званнем СНД «Горад працоўнай славы. 1941–1945 гг.». Журналісты «Аршанскай газеты» ўважліва сочаць за ходам будаўніцтва важнага аб'екта.
З лета гэтага года на перасячэнні вуліц Сяргея Грыцэвіца і Канстанціна Заслонова ідзе падрыхтоўка тэрыторыі плошчай каля 0,42 га пад будучы сквер. На сённяшні дзень ужо выразна бачныя яго асноўныя контуры.
Галоўным элементам сквера будзе стэла «Орша – горад працоўнай славы. 1941–1945 гг.» вышынёй каля 9 метраў на круглым падмурку. Перад ёй – трохкутная плошча, а з розных кутоў сквера, як прамяні, да стэлы будуць сходзіцца чатыры шырокія дарожкі. Папярэдне былі закладзены камунікацыі для асвятлення стэлы і слаботочных сетак.
На мінулым тыдні рабочыя пачалі ўкладаць бардзюрны камень і тратуарную плітку па перыметры сквера. На астатніх участках рыхтуецца падмурак пад яе. 7 кастрычніка пачаўся мантаж стэлы. Завяршаецца ўстаноўка дэкаратыўна-падпорных сценак уздоўж дарожак, дзе на ўзвышэнні будуць сфармаваны кветнікі. Дарожкі-прамяні таксама ўкладзюць тратуарнай пліткай, а сценкі абліцуюць гранітнымі плітамі.
На аб'екце штодня працуюць работнікі КУП «Аршанская спецавтобаза», ЧПТУП «БетонГарант», ААТ «Аршанскі будаўнічы трест № 18» і КУП «Аршакомхоз».
Працы плануюць завяршыць у лістападзе.
Рашэнне аб прысваенні ганаровага звання «Горад працоўнай славы. 1941-1945 гг.» шэрагу гарадоў краін Садружнасці было прынята Саветам кіраўнікоў дзяржаў СНД у гэтым годзе як даніна павагі і падзякі жыхарам за значны ўклад у дасягненне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У спісе першых гарадоў, удастоеных ганаровага звання, – два беларускіх раённых цэнтры – Орша і Баранавічы.
Сяргей СЛЕПЦОВ.
Фота і відэа аўтара.