Віцебшчына — лідэр сярод абласцей па долі беларускіх тавараў у гандлі
Спажывецкі рынак Віцебшчыны характарызуецца стабільнасцю і высокай таварнай насычанасцю, забяспечаны рост продажаў па большасці таварных пазіцый, улічаных статыстыкай. Такое заключэнне было зроблена на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Анжэлікі Нікіцінай, прадстаўнікоў галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэта дзяржаўнага кантролю.
На парадку дня былі вынесены вынікі працы галіны за дзевяць месяцаў бягучага года. Па многіх паказчыках яны радуюць. Так, наша вобласць захоўвае лідаральную пазіцыю сярод рэгіёнаў рэспублікі па долі беларускай прадукцыі ў рознічным тавараабароце, якая склала 63,1 %.
– Назіраецца станоўчая дынаміка па тэмпе росту рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі – 105,4 %. На душу насельніцтва ён склаў 6,6 тыс. рублёў. Тэмп росту тавараабароту грамадскага харчавання склаў 102,9 %, – патлумачыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Аляксей Багачоў.
Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь індэкс спажывецкіх цэн па вобласці за верасень 2025 года да снежня 2024 года склаўся ніжэй, чым па рэспубліцы ў цэлым і склаў 105,7 %. Наша вобласць займае лідаральную пазіцыю ў рэспубліцы па выніковасці кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па пытаннях выканання заканадаўства аб цэнах і цэнаутварэнні. Гэта, безумоўна, спрыяе захаванню стабільнай цэнавай сітуацыі ў рэгіёне.
У вобласці сфармавана развітая інфраструктура: больш за 13 тысяч гандлёвых аб'ектаў розных фарматаў, 79 гандлёвых цэнтраў, 51 рынак, больш за 1800 аб'ектаў грамадскага харчавання.
– Вялікая ўвага ўдзяляецца абслугоўванню сельскага насельніцтва. На пастаяннай аснове вядзецца праца па зніжэнні нагрузкі на сістэму спажывецкай кааперацыі за кошт прыцягнення іншых суб'ектаў гаспадарання да арганізацыі гандлю. У цяперашні час на тэрыторыі сельскай мясцовасці працуюць 256 магазінаў спажывецкай кааперацыі і больш за 700 гандлёвых кропак юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Без удзелу прадпрыемстваў аблспажыўсаюза абслугоўваюцца аўтамагазінамі іншых суб'ектаў гаспадарання сельскія жыхары Браслаўскага, Аршанскага, Шаркаўшчынскага раёнаў, асобных тэрыторый Віцебскага, Пастаўскага, Россонскага, Толачынскага раёнаў. Працягваецца прапрацоўка пытання з рэспубліканскімі гандлевымі сеткамі аб перадачы ім функцый па гандлевым абслугоўванні сельскага насельніцтва з улікам нормаў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 294, – адзначыў Аляксей Багачоў.
На калегіі было ўдзялена ўвага рэгіёнам, якія яшчэ не выкарысталі свае рэзервы развіцця галіны, павышэння якасці абслугоўвання і паляпшэння паказчыкаў.
Па выніках пасяджэння калегіі для ўсіх гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў вызначаны першачарговыя задачы, якія неабходна выканаць да канца года.