В Орше прошел кастинг проекта «Звездный путь»

У Оршы прайшоў кастынг праекта «Зорны шлях»

У ГЦК «Перамога» прайшоў кастынг праекта «Зорны шлях» — самага народнага і вакальнага шоу. Праект так палюбіўся гледачам і ўдзельнікам, што арганізатары запусцілі 4-ы сезон шоу. Задоўга да пачатку кастынгу ў фае Цэнтра культуры пачалі збірацца ўдзельнікі і іх групы падтрымкі. Больш за 40 прэтэндэнтаў на ўдзел у папулярным шоу прадставілі на суд журы свае вакальныя даныя.

Асаблівасць праекта ў тым, што ў ім могуць удзельнічаць не прафесіяналы. «Зорны шлях» дае шанц кожнаму праявіць сябе і свой талент, не маючы спецыяльнай музычнай адукацыі. Паспрабаваць свае вакальныя здольнасці сёння прыйшлі прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. Дарэчы, самаму старшаму ўдзельніку было 59 гадоў.

Журналістка «Аршанкi» знайшла сапраўдны эксклюзіў сярод удзельнікаў – гарадскога паштальёна Уладзіміра Кушарэва. Менавіта ён прыносіць у дамы жыхароў рэгіёна «Аршанскую газету». А яшчэ вельмі творчы чалавек: спявае, танцуе, складае песні і вершы. Яго можна ўбачыць на ўсіх гарадскіх святах, дзе ён зажыгае пад музыку. А відэа з яго ўдзелам у сацыяльных сетках набіраюць сотні тысяч праглядаў. Яго нават упазнаюць на вуліцы. Хто ведае, можа быць, у будучыні Уладзімір Кушарэў стане сапраўднай зоркай.

Спявае з самага дзяцінства і Еўген Дэрвоед, спецыяліст па продажах ТАА «Тэрва». Ён займаецца музыкай на аматарскім узроўні, выступае на мерапрыемствах. Калі працаваў у кампаніі «Беларуснафць», прыняў удзел у ўнутраным конкурсе сярод работнікаў і заняў першае месца. Прыйшоў паспрабаваць свае сілы і ў праекце «Зорны шлях».

Прэтэндэнтам неабходна было выканаць дзве музычныя кампазіцыі.

Прафесійнае журы ў складзе спявачкі, заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай, рэжысёра Еўгена Толкачава і настаўніка, кіраўніка вакальнай групы «Мост» Еўгена Маковецкага ўважліва слухалі кожнага, прасілі змяніць песню або заспяваць акапэльна, каб лепш раскрыць творчыя здольнасці. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі вельмі хваляваліся, кожны стараўся паказаць сябе з лепшага боку, праявіць артыстычнасць і харызму.

Ад нашага горада ў праект пройдуць два ўдзельнікі. Вынікі кастынгу стануць вядомыя ў бліжэйшы час. Арганізатарамі праекта «Зорны шлях» з'яўляюцца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, тэлеканал ОНТ і «Музычная медыякампанія».

Альга ТИХОНОВА.
Фота аўтара.

www.orshanka.by