У Оршы прайшоў IV этап чэмпіянату і першынства Рэспублікі Беларусь па мотакроссе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонова
Удзел у турніры прынялі больш за 80 спартсменаў з Беларусі і Расіі.
У першы дзень спаборніцкую праграму адкрылі самыя юныя спартсмены на матацыклах з аб'ёмам рухавікоў 50 см3, затым на старт выйшлі ўдзельнікі ў класах 65 см3, ЕМХ250, «Ветэран» і «Пачатковец». У другі дзень спаборніцтваў гледачоў чакалі выступленні мата-кросменаў у класах 85 см3, ЕМХ125. Рэв рухавікоў і лятучы пясок, яркія эмоцыі і азарт, як ад гоншчыкаў, так і ад гледачоў, спаборніцтва і ўзаемадапамога, «палёты» на трамплінах – усё гэта на працягу двух дзён бачыла Орша. І нягледзячы на тое, што надвор'е ў выходныя было непрадказальным, яркае сонца змяняў дождж, а нядзеля і зусім аказалася даждлівай, але аматараў гэтага відовішча нічога не спыняла. Сотні оршанцаў і гасцей горада размясціліся на схілах спартыўнага парка ў раёне Кутэінкі.
Па выніках заездаў арганізатары ўзнагародзілі тройкі пераможцаў у кожным класе кубкамі, дыпломамі і грашовымі прызамі.
Віктар СОСНОЎСКІ.
Фота аўтара.