У Оршы абмеркавалі праблемы інвалідаў
У Оршанскім райвыканкаме прайшоў круглы стол «Нічога пра нас без нас» па рашэнні праблемных пытанняў грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў і ініцыятыўнай групы бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Удзельнікі міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў разгледзелі пытанні даступнасці аб'ектаў гандлю і атрымання банкаўскіх паслуг, выкарыстання паркоўчных месцаў і грамадскіх туалетаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Абмеркавалі важнасць наяўнасці моўных інфарматараў у аўтобусах і на прыпынках, магчымасць прагляду фільмаў з субтытрамі ў кінатэатры «Перамога». Бацькі дзяцей з інваліднасцю акцэнтавалі ўвагу на праблеме недахопу вузкіх спецыялістаў у медыцынскіх установах па пытаннях рэабілітацыі, а таксама ўнеслі прапанову аб неабходнасці ўнясення змяненняў у нарматыўныя дакументы па забеспячэнні неабходным харчаваннем дзяцей, якія пакутуюць фенілкетанурыяй.
Таксама ў ходзе пасяджэння былі разгледжаны пытанні рэабілітацыі грамадзян з інваліднасцю ў дзяржаўных сацыяльных установах і ўстановах аховы здароўя.
Рашэнне праблемных момантаў знаходзіцца на кантролі кіраўніцтва Оршанскага раёна.
Вадзім КРАЎЧЭНКА.
Фота аўтара.