У Оршы курсіруе навагодні аўтобус са Снягурочкай і Дзядам Маразам
У пераддні навагодніх святаў у Оршы на вуліцах горада з'явіўся незвычайны транспарт. Аўтобусны парк № 3 запусціў святочны рэйс, пасажыры якога трапляюць у казку: тут замест кандуктара – Дзед Мароз, а за рулём – сама Снягурка.
Чароўны аўтобус курсіруе па гарадскім маршруце № 1. У ролі Снягуркі – вадзіцель Дзіана Літвінава, а ў Дзеда Мароза пераўвасобіўся кандуктар Аляксандр Красоўскі. Такая ініцыятыва стварае святочны настрой як у салоне, так і за яго межамі.
– Пасажырам вельмі падабаецца, асабліва дзецям. Так і дарослыя ўсміхаюцца. Вадзіцелі праязджаючых машын таксама звяртаюць увагу, машуць нам, – падзялілася ўражаннямі Дзіана Літвінава.
Шлях Дзіаны ў прафесію быў цікавы. Дзяўчына пайшла па слядах бацькі, які таксама працаваў вадзіцелем аўтобуса. Пасля заканчэння Оршанскага дзяржаўнага каледжа тэкстыльшчыкаў імя Г. В. Сямёнава яна некаторы час працавала па спецыяльнасці. Ідэю кардынальна змяніць жыццё падказаў бацька, і цяпер Дзіана ні пра што не шкадуе.
– Мне вельмі падабаецца працаваць. Усё ўладкована, – падзялілася дзяўчына.
Святочны рэйс – гэта невялікі, але вельмі цёплы падарунак ад работнікаў аўтапарка, якія даруюць усмешкі і нагадваюць, што чараўніцтва Новага года ўжо зусім побач.
– Віншуем усіх з надыходзячым Новым годам! Жадаем моцнага здароўя, пазітыўнага настрою, хай вам заўсёды будзе весела і радасна, – звярнуўся да оршанцаў Аляксандр Красоўскі.
Вадзім КРАЎЧЭНКА.
Фота аўтара.