У Оршы піць ваду з Мурашкінай крыніцы небяспечна для здароўя
«Муравейнік», размешчаны за мемарыяльным комплексам «За нашу Савецкую Радзіму», усё часцей і часцей пачаў прыцягваць увагу аршанцаў. То і справа ў сацыяльных сетках з'яўляюцца відэаролікі пра тое, як людзі набіраюць з крыніцы ваду і расказваюць, наколькі яна смачная і карысная. Але ці так гэта на самой справе, вырашыў разабрацца журналіст «Аршанскай газеты».
У першую чаргу мы звярнуліся ў Аршанскі зональны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб даведацца пра якасць вады. Спецыялісты ўзялі ўзоры вады, і вось які адказ прыйшоў да нас у рэдакцыю: «Па выніках лабараторных выпрабаванняў адабраны з крыніцы ўзор вады не адпавядае патрабаванням гігіенічнага нарматыва «Параметры бяспекі пітной вады», зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.01.2021 № 37, па санітарна-хімічных паказчыках (нітраты). Фактычнае значэнне склала 100,5 мг/дм3 (пры нарматыве не больш 45 мг/дм3)».
Спецыялісты цэнтра гігіены таксама адзначылі, што вада з павышаным утрыманнем нітратаў небяспечная для чалавека перш за ўсё сваім таксічным, атрутным уздзеяннем. Ужыванне такой вады вядзе да ўтварэння ў крыві метгемаглабіна. У адрозненне ад звычайнага гемаглабіна, метгемаглабін не пераносіць кісларод, што вядзе да кіслароднага голаду тканін. Вада з высокім утрыманнем нітратаў асабліва небяспечная для маленькіх дзяцей.
Як аказалася, піць гэтую ваду зусім небяспечна. Так, можа, хаця б гэтая крыніца з'яўляецца святым месцам? Аб гэтым мы папрасілі расказаць служыцеляў царквы. Благачынны цэркваў Аршанскага акругі іерэй Дзмітрый Савушкін расказаў, што крыніца з'явілася ў гэтым месцы ўжо даўно, але адкуль яна бярэ сваё пачатак, дакладна невядома. Спачатку вада цекла па русле, якое сама і праклала. Потым нехта з грамадзян упарадкаваў гэтае месца, усталяваў металічны крыж. Аднак Аршанская епархія на гэта сваё благаславенне не давала, і абрад па асвячэнні месца не праводзіўся. А гэта значыць, што крыніца не звязана з Боскім прадвідзеннем.
З усяго гэтага можна зрабіць некалькі высноў. Па-першае, піць гэтую ваду не толькі шкодна, але і нават небяспечна. І ніякімі цудатворнымі ўласцівасцямі яна, на жаль, не валодае.
Віктар СОСНАЎСКІ.
Фота аўтара.