У Новапалацку завершылася спартакіяда Саюзнай дзяржавы сярод школьнікаў «Алімпійскія надзеі»
З 5 па 10 снежня ў Нефтаградзе за перамогу змагаліся каля 230 спартсменаў з 13 рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Некалькі дзён у Ледавым палацы г. Новаполацка разгортваліся гарачыя баталіі. Хакейныя каманды дэманстравалі прыгожую камандную гульню, дакладнасць і хуткасць. На лёдзе было па-сапраўднаму гарача.
У спаборніцкую праграму лыжнікаў надвор'е ўнесла карэктывы, і замест лыжных гонкаў іх чакаў крос на базе Новаполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерва.
На ўрачыстым закрыцці спартакіяды пераможцам былі ўручаны заслужаныя медалі і кубкі.
– Гэтая спартакіяда – пачатак вашага спартыўнага шляху. Вы – наймоцнейшыя! Любіце і паважайце спорт, – звярнуўся да юных спартсменаў начальнік упраўлення кадравой палітыкі і ідэалагічнай працы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Шыпароў.
Кансультант аддзела фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў Дэпартамента фізічнай культуры і масавага спорту Расійскай Федэрацыі Аляксандр Паноў падзякаваў кіраўніцтву г. Новаполацка за высокі ўзровень арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і адпачынку ўдзельнікаў спартакіяды.
Самым доўгачаканым і хвалюючым момантам закрыцця спартакіяды стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Так, у хакеі з шайбай першае месца заваявала каманда «Яраславіч» (Яраслаўская вобласць, Расія), другое – «Юнаць» (Ніжагародская вобласць, Расія), трэцяе – «Арктур» (Ямала-Ненецкі аўтаномны акруг, Расія).
Сярод лыжнікаў месцы размеркаваліся наступным чынам: у камандным заліку і змешанай эстафеце першае месца ў спартсменаў з Гомельскай вобласці, другое – у лыжнікаў з Чэлябінскай вобласці, на трэцяй ступеньцы п'едэстала – хлопцы з Магілёўскай вобласці.
Спартыўныя старты позаду, а ў капілцы юных спартсменаў не толькі медалі, але і асабістыя рэкорды, новыя знаёмствы і ўражанні.