Вучні Віцебскай гімназіі № 3 сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Свежы вецер» у намінацыі «Лепшы школьны блог»
У XXI рэспубліканскім конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер» вучні 11 «Б» класа гімназіі № 3 горада Віцебска імя А.С.Пушкіна Таліпская Ірына, Трацевскі Цімофей і Шлык Анастасія сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшы школьны блог». Каманда юных журналістаў была ўзнагароджана дыпломам 1 ступені.
Асноўнымі патрабаваннямі, якія прад'яўляліся да конкурсных работ у гэтай намінацыі, былі: змястоўнасць і інфармацыйная насычанасць, актуальнасць, разнастайнасць жанраў, арыгінальнасць раскрыцця тэмы, аўтарская пазіцыя. Таксама ацэньваліся візуальнае афармленне публікацыі, сістэматычнае афармленне публікацый, наяўнасць зваротнай сувязі з аўдыторыяй (правядзенне апытанняў, акцый, конкурсаў).
Удзельнічаючы ў конкурсе «Свежы вецер», юныя журналісты з віцебскай гімназіі паспяхова прайшлі ўсе этапы: раённы, гарадскі і абласны. Заключны этап конкурсу праходзіў у НДЦ «Зубраня».
- На змене «Прэс-інфо» мы распрацавалі свой тэлеграм-канал, дзе дзяліліся навінамі пра падзеі ў Зубраня, стварылі радыёпраграму, у якой абмяркоўвалі цікавыя тэмы. Акрамя таго, мы выпусцілі часопіс, у якім сабралі артыкулы, фатаграфіі і запіскі пра нашы прыгоды ў лагеры. Знялі відэакліп, які паказаў, як мы праводзім час разам, паспрабавалі сябе ў ролі сцэнарыстаў, аператараў і рэдактараў. Гэта быў выдатны досвед. Змена «Прэс-інфо» была вельмі насычанай і цікавай, і я ганаруся тым, што змогла прыняць удзел у конкурсе «Свежы вецер». На мой погляд, працаваць у камандзе прасцей і цікавей. Калі мы аб'ядноўваем намаганні, кожны можа ўнесці свае ідэі і досвед. Гэта дапамагае знаходзіць больш крэатыўныя рашэнні і вучыцца адзін у аднаго. Я люблю абмяркоўваць задачы з хлопцамі, дзяліцца меркаваннямі і атрымліваць зваротную сувязь. Акрамя таго, у камандзе можна падзяліць адказнасць, што робіць працу менш стрэсавой, - расказала Ірына Таліпская.
Цімофей Трацевскі лічыць, што досвед правядзення заключнага этапу конкурсу ў рамках змены «Прэс-інфо» непасрэдна звязаны з журналістыкай. Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе ён навучыўся працаваць з аўдыторыяй, хутка рэагаваць на сітуацыю. Усё гэта — важныя навыкі для журналіста, які павінен не толькі пісаць тэксты, але і ўмець браць інтэрв'ю, задаваць пытанні і даносіць інфармацыю. Цімофей упэўнены, што яму вельмі пашанцавала з калектывам у НДЦ «Зубраня». Хлопцы аказаліся творчымі, працаваць разам было не проста лёгка, а па-сапраўднаму цікава. Ад гэтага хацелася яшчэ больш уключацца ў працэс, прыдумаць нешта новае.
На ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Свежы вецер» і ўручэння дыплома 1 ступені ў намінацыі «Лепшы школьны блог» Анастасія Шлык падзялілася сваёй радасцю.
- Мы прайшлі доўгі шлях. І вяртаемся на родную Віцебшчыну з перамогай! Дзякуючы насычанай праграме конкурсу «Свежы вецер» мы набылі новыя веды, развілі ўмения ў журналісцкай дзейнасці. Хочацца сказаць словы падзякі бацькам, а таксама дырэктару гімназіі № 3 горада Віцебска Елене Матвеевай, кіраўніку гуртка «Юны журналіст» Алегу Багаслоўскаму, дырэктару НДЦ «Зубраня» Таццяне Осмалоўскай і куратару змены Уладзіміру Палішчуку. Іх падтрымка, увага і вера ў нас зрабілі першыя крокі ў журналістыку сапраўды незабыўнымі.