У Оршы стартаваў прыём заявак для ўдзелу ў рэспубліканскім праекце «100 ідэй для Беларусі»

У Аршанскім рэгіёне дадзены старт прыёму заявак для ўдзелу ў 12-м сезоне рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі».
Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, аўтарскія калектывы і маладыя навукоўцы (дактары навук да 40 гадоў, кандыдаты навук, аспіранты, магістранты — да 35 гадоў).
Для таго каб прыняць удзел у конкурсе, неабходна запоўніць заяўку на сайце 100ideas.by ці звярнуцца ў раённы камітэт БРСМ па тэлефоне 51-14-10.
Асноўныя намінацыі гэтага сезона: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі», «Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя)», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», «Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)», «Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый», «Таварыства і сацыяльная сфера», і спецыяльная намінацыя «Лепшая бізнес-ідэя».
– Адна з асаблівасцей 12 сезона заключаецца ў тым, што ўдзельнікі могуць падаць заяўкі не толькі на асноўныя намінацыі, але і на спецыяльную намінацыю «Лепшая бізнес-ідэя», – расказаў галоўны спецыяліст Аршанскага РК БРСМ Аляксей Масаловіч . - Пераможцы праекта змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Раённы тур адбудзецца ў снежні 2022 года, а яго пераможцы прадставяць свае праекты ў абласным этапе конкурсу.
Праект «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і з гэтага года НАН Беларусі ў мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.
Віктар САСНОЎСКІ.
Фота РК БРСМ.
http://www.orshanka.by/?p=89472