Сярэдняй школе № 3 г. Оршы прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча

У гонар знакавой падзеі па прысваенні сярэдняй школе № 3 г. Оршы імя Уладзіміра Караткевіча на будынку ўстановы адукацыі адкрылі мемарыяльную дошку.
Менавіта тут у далёкім 1938 годзе пачаўся школьны шлях класіка беларускай літаратуры. А заўтра, 26 лістапада, Уладзіміру Караткевічу магло споўніцца 92 гады. Таму сённяшняя падзея – вельмі сімвалічная і знакавая для школы і жыхароў мікрараёна.
Ганаровае права адкрыцця мемарыяльнай дошкі дадзена старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Цярэнцьеву, старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачэнку і пляменніцы Уладзіміра Караткевіча Алене Сінькевіч.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Уладзімір Цярэнцьеў уручыў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўстановы адукацыі дырэктару школы Ірыне Пармон. А школьны музей папоўніўся кнігамі Уладзіміра Караткевіча, якія перадала Алена Сінькевіч з асабістай калекцыі пісьменніка і выданне з успамінамі пра яго.
Гасцям паказалі перасоўны музей аб жыцці і дзейнасці У.С. Караткевіча. У ім пяць экспазіцый: аб дзяцінстве і юнацтве пісьменніка, студэнцкіх гадах, літаратурнай дзейнасці і памятных падзеях у жыцці Уладзіміра Сямёнавіча. У вобразах пісьменніка розных гадоў выступілі самі навучэнцы.
Затым у актавай зале школы творчыя калектывы ўстановы адукацыі прадставілі музычна-тэатралізаваныя кампазіцыі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча.
Сяргей СЛЯПЦОЎ.
Фота аўтара.
http://www.orshanka.by/?p=89373