Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Аршанскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
28 чэрвеня 2022

«Віцязь» распрацаваў мадэль ЭЗС пад кітайскі стандарт зарадкі электрамабіляў

ААТ "Віцязь" распрацавала і асвоіла выпуск мадэлі электразараднай станцыі пад кітайскі стандарт зарадкі электрамабіляў GB/T, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзіслаў Паўленка.

Упершыню навінка была прадстаўлена на нядаўнім форуме ТІБО-2022. Распрацоўка вялася па запатрабаванні нацыянальнага аператара сеткі электразаправачных станцый Malanka, з якім "Віцязь" актыўна ўзаемадзейнічае. Падзеі, што імкліва развіваліся ў першай палове 2022 года, унеслі карэктывы ў развіццё мясцовага рынку электратранспарту. Беларусы сталі выбіраць бюджэтныя кітайскія электрамабілі, якія маюць сваю спецыфіку і перш за ўсё ўласны зарадны стандарт GB/T пастаяннага току. Парты кітайскага стандарту несумяшчальныя з партамі еўрапейскага стандарту і маюць адрозненні ў канструкцыйнай і электроннай частцы, адзначыў Уладзіслаў Паўленка.

Аператыўна рэагуючы на патрэбнасці рынку, "Віцязь" першы на постсавецкай прасторы асвоіў выпуск зараднай станцыі пад кітайскі стандарт пастаяннага току. Распрацоўка вялася на базе існуючых мадэлей, пры гэтым вытворца мадэрнізаваў электронную начынку станцыі, а таксама распрацаваў новы знешні дызайн вырабу. Цяпер прадпрыемства запусціла ў вытворчасць мадэль магутнасцю 90 кВт і мае намер развіваць гэту тэму за кошт распрацоўкі яшчэ адной мадэлі на 50 кВт, якая таксама запатрабавана рынкам.

Акрамя таго, "Віцязь" працуе над адаптацыяй уласнага мадэльнага рада электразаправак пад тэхнічныя характарыстыкі і стандарты расійскага рынку, што дае магчымасць удзельнічаць у дзяржзакупках. Размова ідзе аб станцыях магутнасцю не меншай за 150 кВт. Мінімальная канфігурацыя зараднай станцыі павінна ўключаць не менш за тры канектары пастаяннага току з абавязковай наяўнасцю стандарту GB/T. Таксама павінна быць прадугледжана магчымасць адначасовай зарадкі не менш як дзвюх адзінак электратранспарту з дынамічнай балансіроўкай выдаваемай магутнасці (размеркаваннем магутнасці для аптымізацыі і паскарэння працэсу зарадкі) паміж канектарамі пастаяннага току ва ўсіх рэжымах работы станцыі, растлумачыў галоўны інжынер.

Вытворчасць электразарадных станцый для электратранспарту "Віцязь" развівае з 2017 года. Сёння ў актыве прадпрыемства налічваецца больш за 20 мадэлей рознай мадыфікацыі, якія пастаянна ўдасканальваюцца. Прадпрыемства ў супрацоўніцтве з ВА "Беларуснафта" распрацоўвае ўніверсальны комплекс магутнасцю да 350 кВт, які дае магчымасць адначасова і аператыўна зараджаць некалькі электрамабіляў і электробус. Доследны ўзор звышхуткай зарадкі плануецца стварыць да канца 2022 года.

Віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" створаны ў 1976 годзе. У 2010 годзе прадпрыемства акцыянавана са стапрацэнтнай доляй дзяржавы ў статутным фондзе. Сёння ААТ "Віцязь" з'яўляецца шматпрофільным прадпрыемствам, развівае каля 20 відаў дзейнасці, у тым ліку выпуск тэлевізійнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, электразарадных станцый і іншых высокатэхналагічных вырабаў, а таксама шырокі спектр вытворчых паслуг. На прадпрыемстве працуюць больш за 1,2 тыс. чалавек.

БелТА

Да спіса навін