Што прадэманструе Аршаншчына ў час правядзення Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах

Што прадэманструе Аршаншчына ў час правядзення Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах

Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца з 1994 года. Задума свята з’явілася ў Міністэрстве культуры і друку Беларусі пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Спачатку дата была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 года. З 1998 года дата святкавання ўстаноўлена ў першую нядзелю верасня.

Штогод Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў новых гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, старажытных цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. У межах свята праходзяць навукова-асветніцкія экспедыцыі, фестывалі кнігі і друку, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, навукова-практычная канферэнцыя, круглыя сталы з удзелам літаратараў, работа выстаў, творчых пляцовак і г. д.

Першай сталіцай Дня беларускага пісьменства і друку ў 1994 годзе стаў старажытны Полацк. А ў 1998 сустракаць свята пашчасціла нашай Оршы. З таго часу прайшло амаль 28 гадоў. Давайце ўспомнім пры дапамозе архіва «Аршанкі», як праходзіў Дзень беларускага пісьменства і як асвятляліся падзеі ў нашай газеце.

Задоўга да пачатку мерапрыемстваў у «Аршанскай газеце» ў пачатку жніўня быў апублікаваны артыкул «Пісьменства старажытнай Беларусі». У матэрыяле расказваецца пра ўзнікненне пісьменства на землях усходніх славян яшчэ да афіцыйнага прыняцця хрысціянства ў 988 годзе, а таксама пра Рагвалодаў камень. Затым былі апублікаваны артыкулы М. Жукава, дзе ўзгадваецца пра У. С. Караткевіча, а таксама І. Яршова – пра Янку Сіпакова, Міхаіла Урончанку, ураджэнца Копысі, буйнейшага даследчыка ў галіне геадэзіі, тапаграфіі, літаратара.

Значнымі мерапрыемствамі падчас свята сталі адкрыццё ў Куцеінскім манастыры мемарыяльнай дошкі, прысвечанай беларускаму асветніку Спірыдону Собалю, сустрэча навукова-творчай экспедыцыі «Шлях да святыняў», што прынесла Непагасную Лампаду, якая прайшла па многіх гарадах і вёсках Беларусі, асвяціла звыш за 50 прыходаў, агонь яе пакінуты ў чатырох гарадах, дзе раней праходзіла свята пісьменства. Цяпер ён навечна застанецца і ў Оршы. Каля гарадскога музея гісторыі і культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё копіі Рагвалодава каменя – старажытнага помніка беларускага пісьменства.

5 верасня 1998 года выйшаў спецыяльны выпуск, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, у якім, апрача іншых, змешчаны артыкулы пра Куцеінскі манастыр, Аршанскае евангелле.

Сёння свята праходзіць у г. Касцюковічы Магілёўскай вобласці. У склад дэлегацыі Аршанскага раёна ўваходзяць супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. Як паведаміла журналісту «Аршанскай газеты» загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Алена Фядосава, установа прэзентуе інсталяцыю пад назвай «Кабінет Янкі Сіпакова». У ёй прадстаўлены кнігі з фонду творцы, а таксама выданні з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Гэта сапраўдныя рарытэты, якія ёсць далёка не ў кожнай бібліятэцы. Магчыма, такой унікальнай калекцыі няма больш нідзе.

Акрамя таго, увазе наведвальнікаў прадстаўлены асабістыя рэчы Янкі Сіпакова, якія яго сям’я перадала ў дар бібліятэцы. Сярод іх – пішучая машынка, на якой працаваў наш знакаміты пісьменнік-зямляк, настольная лямпа, дакументы, з якімі ён працаваў, і іншыя памятныя прадметы.

Такім чынам створана своеасаблівая атмасфера рабочага кабінета пісьменніка: нібыта Янка Сіпакоў толькі на хвілінку адышоў і вось-вось вернецца, каб працягнуць сваю працу.

Спадзяёмся, што экспазіцыя дазволіць гасцям Дня беларускага пісьменства яшчэ раз дакрануцца да літаратурнай спадчыны нашага славутага земляка і адкрыць для сябе новыя старонкі яго жыцця і творчасці.

Віктар САСНОЎСКІ,
Дзмітрый КУЗНЯЦОЎ.
Фота аўтараў.
Источник: orshanka