Адрес райисполкома:
211391, Витебская область, г. Орша,
ул. Александра Островского, 2

Телефон:
8-(0216)-51-12-12

E-mail: rikorsha@vitobl.by (кроме электронных обращений)

Оршанский районный исполнительный комитет
Оршанский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости области
1 декабря 2022

«Узыходзячае сонца» і «Чортаў камень». Чым яшчэ знакаміты Сенненскі раён?

Паводле археалагічных раскопак, на землях сучаснай Сенненшчыны людзі пачалі сяліцца каля ХІ ст. да нашай эры. У пачатку ХХ ст. Сенненскі павет Магілёўскай губерні быў дастаткова буйной адміністратыўнай адзінкай, дзе пражывалі амаль 220 тыс. чалавек. У яго склад уваходзілі часткі цяперашніх Талачынскага (разам з Талачыном), Чашніцкага, Бешанковіцкага, Крупскага (Мінская вобласць) раёнаў. На Сенненшчыне нарадзіліся дзяржаўны дзеяч Пётр Машэраў, скульптар Заір Азгур, легендарны лётчык Аляксандр Гаравец, наркам земляробства БССР Дзмітрый Прышчэпаў, які быў адным з ініцыятараў стварэння Віцебскага ветінстытута. З 6 па 10 ліпеня 1941 года адбывалася важная падзея першапачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У рамках Лепельскага контрудару Чырвонай арміі тут адбыліся цяжкія баі, яны ўвайшлі ў гісторыю як Сенненская танкавая бітва. На спартыўных арэнах рэгіён і краіну праслаўлялі чэмпіён свету па біятлоне Пётр Івашка, алімпійская чэмпіёнка Ірына Лешчанка (Крыўко).

Хто прыдумаў арнамент?

У 2015 годзе на цэнтральнай плошчы Сянна ўстаноўлены памятны знак у гонар Матруны Маркевіч — аўтара ўзору «Узыходзячае сонца», які ўзяты за аснову арнаменту на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь.

Ураджэнка вёскі Клімавічы вышыла векапомны ручнік у 1917 годзе. Родны брат Матруны Сяргееўны – этнограф, доктар мастацтвазнаўства Міхаіл Кацар у 1951-м быў запрошаны як эксперт камісіі па стварэнні сцяга БССР. Было пажаданне, каб дзяржаўная сімволіка ўтрымлівала дэталі, якія б адлюстроўвалі нацыянальныя асаблівасці. Міхаіл Сяргеевіч звярнуў увагу на малюнак арнаментальнага ўзору «Узыходзячае сонца», вышытага на ручніку яго сястрой і які захоўваўся ў даваенным архіве Белпрамсавета.

Элементы арнаменту сімвалізуюць «ключ да шчасця», пажаданне добрага развіцця падзей, дабрабыт, багацце, працяг жыцця.

Адзін з ручнікоў Матруны Маркевіч захоўваецца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, яго дакладную копію зрабілі майстры Сенненскага Дома рамёстваў.

Энергія сонца

Больш за два гады назад на Сенненшчыне пачала дзейнічаць першая ў Віцебскай вобласці геліяэнергетычная ўстаноўка «Полымя» магутнасцю 1,6 МВт.

Назву яна атрымала ад суседняга аграгарадка «Полымя» займае плошчу 3 га, на якіх размешчана 132 стала з 4752 панэлямі. На працягу года ўстаноўка можа забяспечыць практычна бясконцай сонечнай электраэнергіяй 900 кватэр.

Гаючы выток

Крыніца «Каплічка» ў Сянне з’яўляецца адным з самых даступных помнікаў прыроды на Віцебшчыне. Да яе не трэба ехаць па палявых і лясных дарогах — выток знаходзіцца ў цэнтры горада.

Крыніца выцякае з гары, на якой было старажытнае язычніцкае капішча, і амаль адразу трапляе ў Сенненскае возера. Вада мае характэрны пах серавадароду. Апроч гэтага элемента, у ёй таксама ўтрымліваецца селен. Яна добра ўплывае на органы стрававання. У жніўні тут часам утвараюцца чэргі – значная колькасць сенненцаў і жыхароў наваколля соляць гуркі абавязкова ў вадзе з «Каплічкі».

Мясцовы краязнавец Васіль Бандарэвіч у сваёй кнізе «Экскурсія да вытокаў г. Сянно» адзначае, што ў 1802 годзе пра «Каплічку» згадваў у сваіх запісах акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук, мінералог і хімік Васіль Міхайлавіч Севяргін: «Близ упомянутого дома старосты Сероковского, за почтовым двором, находится в глинистом возвышении колодец, коего вода имеет серопеченочный (сероводородный) запах, при том слабит низом и облегчает грудь, когда пьют оной стакана два по утру».

У 1995 годзе дзякуючы раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама будаўнікам МПМК-64 крыніца набыла сучасны выгляд. Тут пабудаваны даволі значны па памерах каменны помнік. Такім чынам «Каплічка» стала адной з адметнасцяў Сянна.

Варонінскі валун

«Чортаў камень» («Кравец») каля вёскі Вароніна з’яўляецца другім па памеры на тэрыторыі Беларусі. Самы вялікі знаходзіцца таксама на Віцебшчыне — каля вёскі Горкі
Шумілінскага раёна.

Паводле даследаванняў, гэты кавалак скалы з шэра-ружовага граніту «споўз» да нас тысячы гадоў таму з чарговай хваляй ледавіка з ваколіц горада Выбарг, што знаходзіцца пад Санкт-Пецярбургам. Яго даўжыня складае 10,2 м, шырыня – 6 м, вышыня – 4 м. Валун мае статус геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай.

«Чортаў камень» лічылі домам нячысціка, які быў здольны да кравецкай справы. Згодна з паданнем, людзі клалі на валун палатно і грошы, а назаўтра забіралі гатовае адзенне. Таму ён таксама меў назву «Кравец». Чорт жыў у дрыгве пад каменем, дзе бруіцца крыніца, але часта сядзеў на паверхні. Пасярод валуна нават ёсць выемка, падобная на своеасаблівае крэсла. Кажуць, што калі ў яго сядзеш, то праваруч можна намацаць адбіткі нажніц, іголак і манет (праўда, у нас гэта не атрымалася). Мясцовы чорт адрозніваўся тым, што добра ставіўся да людзей, асабліва бедных. Але не любіў п’яніц і часта здзекаваўся з мужчын, якія на падпітку ехалі з карчмы. Падвядзе да каменя, а небарака думае, што дабраўся да ўласнай печы: распранаецца і кла­дзецца спаць.

Невядома, калі «Кравец» пашыў апошнюю кашулю ці кажух. Можа, да таго моманту, калі тыя ж мужчыны захацелі памерыць дно чортавай дрыгвы: звязалі дзве вялізныя жардзіны і пачалі торкаць у багну. Да дна так і не дасталі, а вось уладальнік каменя, відаць, пакрыўдзіўся, што патрывожылі яго жытло, і прычыніў «атэлье». Па другой версіі, аднойчы жанчына папрасіла чорта пашыць ні тое ні сёе…

Валун ляжыць на беразе ракі Абалянка. У гэтым месцы яна надта звілістая і падобная на ручай. Недалёка ад каменя знаходзіцца Змяіная гара. Паданне сведчыць, што яе назва звязана з наступнай гісторыяй. У ваколіцах часта з’яўляўся змей, які краў жанчын і дзяўчат, а чорт з ім варагаваў. У цёмны час сутак супернікі рэгулярна біліся, аднойчы паядынак зацягнуўся на тры ночы. Калі чорт знямог, то ўзброіўся іголкай і трапіў ворагу ў вока. Змей зароў ад болю, тады нячысцік адрэзаў яму нажніцамі язык. Хутка пачвара памерла, а знясілены чорт дапоўз да каменя, скокнуў у дрыгву, пакінуўшы вялікі слуп вады, і больш не з’яўляўся. Днём прыйшлі сяляне, убачылі забітага змея. Яны баяліся да яго дакрануцца і пачалі прысыпаць зямлёй. Так атрымалася гара з характэрнымі абрысамі, дзе цяпер улетку расце шмат суніц і адкуль адкрываюцца цудоўныя мясцовыя краявіды.

Да «Чортава каменя» вядзе алея з маладых соснаў. Мясцовыя ўлады ўстанавілі тут альтанку. Па словах старшыні Нямойтаўскага сельсавета Анатоля Бараноўскага, тэрыторыю вакол помніка прыроды даглядаюць супрацоўнікі ПС «Сянно» УП «Захад-Транснафтапрадукт». Да валуна часта прыязджаюць людзі, некаторыя пакідаюць ахвяраванні ў выглядзе беларускіх і расійскіх манет. «Чортаў камень» уключаны ў распрацаваны турыстычны маршрут Сянно – Друцк (Талачынскі раён).

Купаваць Заслонава

Мемарыяльны комплекс «Купаваць», створаны на месцы былой вёскі, з’яўляецца адным са знакавых аб’ектаў Сенненшчыны часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Тут 14 лістапада 1942 года падчас карнай аперацыі акупантаў загінуў камандзір партызанскага злучэння Канстанцін Заслонаў. Разам з таварышамі ён прыняў бой з пераўзыходзячымі сіламі ворага. Пасля вайны яго парэшткі былі перазахаваны ў Оршы.

Комплекс складаецца з абрысаў фундамента былых хат, помніка, брацкай магілы, дзе пахаваны 52 савецкіх воіна і народнага мсціўца. Зроблена рэканструкцыя партызанскага лагера з акопамі, зямлянкамі, бліндажом, назіральнай вышкай на дрэве, кухняй і сталовай. Сёлета з’явіліся інфармацыйны стэнд і шыльда з QR-кодам, праз які можна атрымаць больш поўныя звесткі пра Канстанціна Заслонава і дзейнасць партызан.

Па словах старшыні Студзёнкаўскага сельсавета Алега Барыткі, комплекс рэгулярна наведваюць супрацоўнікі Аршанскага лакаматыўнага дэпо імя К. Заслонава. Штогод навучэнцы Аршанскага каледжа – філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту здзяйсняюць турыстычны паход на знакавае месца. У аддаленую ад вялікіх дарог Купаваць прыязджае шмат лю­дзей, якім неабыякава гісторыя. У ліку пастаянных наведвальнікаў школьнікі і жыхары Сенненшчыны.

Глухароўская свiстулька

Глухароўскую свістульку, якой Міністэрствам культуры Беларусі нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, адрадзіў украінец Уладзімір Квашко.

Уладзімір Іванавіч родам з Сумскай вобласці Украіны, дзе працаваў мастаком-афарміцелем на чыгунцы. У 2000 годзе разам з таварышам зацікавіўся керамікай, набылі ганчарны круг. Праз год прыехаў у Сянно ў госці да роднага брата. Зайшоў на выставу ў Дом рамёстваў, каб пазнаёміцца з вопытам мясцовых майстроў. Тут і застаўся, сустрэўшы свой лёс.

Па словах дырэктара Сенненскага Дома рамёстваў Вольгі Квашко, адраджэнне вобразаў і тэхналогіі вырабу Глухароўскай свістулькі пачынала ў 2007-м майстар Інэса Сапраненка. Праз сем гадоў эстафету пераняў Уладзімір Квашко пры актыўнай падтрымцы вядучага метадыста абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людмілы Вакар. Яна асабіста ведала ганчара былога цагельнага завода Сенненскага філіяла Віцебскага вытворчага аб’яднання будаўнічых матэрыялаў Генадзя Глухарова. Перадавік вытворчасці ў 1980-х удзельнічаў у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, ва Ўсесаюзным фестывалі народнай творчасці.

Тры гады запар Уладзімір Квашко прадстаўляў свае вырабы на суд журы конкурсу «Салавейка», які праходзіць у рамках Міжнароднага фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». І ўсё безвынікова, форма не паддавалася. Было шмат перажыванняў, але работа працягвалася. Нарэшце ў 2017-м кампетэнтныя спецыялісты ацанілі простасць і архаіку сямі вобразаў: два варыянты коніка, барана, сабакі, парсючка, жаўрука і паўліна. Уладзімір Квашко атрымаў Гран-пры конкурсу. З той пары пачалося новае жыццё Глухароўскай свістулькі. Зараз яе ведаюць за межамі рэгіёна. Напрыклад, яе набыў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Кожны жадаючы можа купіць гліняную цацку, якая з часоў далёкай старажытнасці выкарыстоўвалася як абрадавы і магічны інструмент.

Ручнік адзінства

Летась у Дзень народнага адзінства ў Сянне адкрыты адноўлены парк 40-годдзя Перамогі. Новыя лакацыі сталі дадатковымі кропкамі прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей горада.

Парк разлічаны на ўсе віды адпачынку. Адрамантавана і лыжаролерная траса, дзе адточваюць майстэрства выхаванцы вядомай на ўсю Беларусь сенненскай школы біятлона.

Адметна, што рэканструкцыя адбылася, калі споўнілася 80 гадоў з часу танкавай бітвы пад Сянно. Пры ўваходзе ў лесапарк устаноўлены восем пілонаў з інфармацыяй аб падзеях, што адбываліся ў рэгіёне падчас Вялікай Айчыннай вайны. У тым ліку і аб Лепельскім контрудары пачатку ліпеня 1941 года, у эпіцэнтры якога была Сенненшчына.

Дапамогу ў абнаўленні парку аказалі «Віцебскаблгаз», «Віцебскэнерга», падключыліся Багушэўскі лясгаз і прадпрымальнікі рэгіёна. Свой унёсак зрабілі прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў: людзі рэгулярна выходзілі на суботнікі па дабраўпарадкаванні.

У дзень адкрыцця парку быў прэзентаваны пяціметровы ручнік. Ён пабачыў свет дзякуючы акцыі «Сатчом абярэг раёна разам». За некалькі месяцаў больш за 500 чалавек ад простых жыхароў да кіраўнікоў рэгіёна заклалі свае ніткі ў ручнік, які стаў сімвалам адзінства, згуртаванасці, братэрства і гасціннасці.

Гэты выраб, створаны агульнымі сіламі, стаў самым маладым брэндам Сенненшчыны.

Источник: vitebsk-region.gov.by

Интернет-ресурсы