Адрас райвыканкама:
211391, Віцебская вобласць, г. Орша,
вул. Аляксандра Астроўскага, 2
Тэлефон:
8-(0216)-51-12-12
E-mail: rikorsha@vitobl.by
У Оршы, сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі, прайшоў абласны конкурс духавой музыкі «Віват, аркестр-2022!», які сёлета быў прысвечаны 77-годдзю Вялікай Перамогі.
Арганізатары - Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, упраўленне культуры аблвыканкама і аддзел культуры Аршанскага райвыканкама - паклапаціліся аб тым, каб ён стаў яркай падзеяй для жыхароў Аршаншчыны.
Конкурснай праграме папярэднічала маляўнічае шэсце духавых аркестраў па вуліцы Уладзіміра Леніна. У суправаджэнні флаганосцаў і ансамбля барабаншчыц музыканты з Оршы, Віцебска, Наваполацка, Шуміліна, Глыбокага, Лепеля, Сянно пад гукі бравурных маршаў прайшлі да ДЦК «Перамога». Там зводны духавы аркестр Віцебскай вобласці выканаў марш Д. Тухманава «Дзень Перамогі». З прывітальным словам да канкурсантаў звярнулася Наталля Молісава, дырэктар Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа і старшыня журы.
– Конкурс духавой музыкі выконвае важную задачу выхавання патрыятызму ў падрастаючага пакалення, прапаганды высокіх прынцыпаў культуры і духоўнасці, садзейнічае абмену творчым вопытам, умацоўвае супрацоўніцтва музыкантаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Мы рады, што ён праходзіць у Год гістарычнай памяці і ў азнаменаванне 9 Мая на Аршанскай зямлі, дзе заўсёды захоўваюць традыцыі беларускай нацыянальнай духавой музыкі, - сказала Наталля Іванаўна.
Конкурсныя творы духавых аркестраў выконваліся як на адкрытым паветры, так і ў глядзельнай зале ДЦК «Перамога». Народныя, узорныя і духавыя аркестры, у склад якіх уваходзіла больш за 250 чалавек, паказалі сваё майстэрства. У рэпертуары музыкаў былі прадстаўлены творы айчынных, расійскіх і замежных кампазітараў. Кожны калектыў сыграў па тры творы. Гэта былі розныя кампазіцыі - ад класікі да джаза, ад маршаў да папулярных твораў сучасных аўтараў.
Творчыя калектывы Оршы аказаліся на вышыні. Дыпломы лаўрэатаў 1 ступені ў сваіх намінацыях атрымалі ўзорны духавы аркестр СШ № 8 (кіраўнік Сяргей Даронін), духавы аркестр ДЦК «Орша» (кіраўнік Андрэй Сіверын), аркестр духавых інструментаў ДШМ № 1 г. Оршы (кіраўнік Андрэй Сіверын). Гран-пры ўручылі ўзорнаму духаваму аркестру Аршанскай ДШМ № 2 (кіраўнік Айно Ратасепт).
Гледачы, сярод якіх было нямала ветэранаў працы і бацькоў з дзецьмі, былі вельмі задаволены. Яны адзначалі, што духавыя аркестры заўсёды ствараюць асаблівы ўрачысты настрой і патрыятычны ўздым.
– Чуючы іх, мы адчуваем гонар за Радзіму. Дзякуй музыкам і арганізатарам конкурсу, - казалі яны.