Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім 2025‑2029 гады аб'яўлены пятылеткай якасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №31, якім 2025-2029 гады аб'яўлены пяцігодкай якасці. Яна ахопіць усе сферы жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства. Прыярытэтныя мэты пяцігодкі — далейшае павышэнне якасці жыцця людзей, канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, удасканаленне грамадскіх адносін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Пяцігодка якасці прадугледжвае ўсебаковыя пераўтварэнні, накіраваныя на дасягненне высокіх стандартаў якасці жыцця, рост дабрабыту грамадства, павышэнне эфектыўнасці эканомікі і кіравальнай дзейнасці, аптымізацыю вытворчых працэсаў, паляпшэнне характарыстык тавараў (работ, паслуг).

Указ вызначыў стратэгічныя задачы пяцігодкі якасці ў эканоміцы, арганізацыі жыццядзейнасці людзей, сацыяльных адносінах і ў галіне права. Гэта тыя слупы, якія складаюць асновы функцыянавання дзяржавы.

Сярод такіх задач — стварэнне новых сучасных прадпрыемстваў, лічбавая трансфармацыя, забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту, далейшы рост даходаў насельніцтва, прымяненне справядлівай сістэмы цэнаўтварэння, павышэнне нараджальнасці і паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу.

Павінны быць забяспечаны даступнасць і высокія стандарты адукацыі, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, развіццё жыллёва-комунальнай, транспартнай інфраструктуры, тэлекамунікацый.

Паляпшэнню якасці жыцця людзей будзе спрыяць таксама далейшая дэбюракратызацыя, зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян і бізнес. У ліку задач — прасоўванне прынцыпаў здаровага ладу жыцця.

У прыярытэце пяцігодкі падтрымка агульнацыянальнага дыялогу, ўмацаванне інстытута сям'і, традыцыйных маральных каштоўнасцяў, патрыятызму, павышэнне палітычнай і прававой культуры, забеспячэнне стабільнасці прававога рэгулявання.

Рэалізаваць задачы пяцігодкі якасці, зрабіць яе эфектыўнай і выніковай можна толькі сумеснымі намаганнямі дзяржаўных органаў, арганізацый усіх формаў уласнасці і грамадзян. У гэтай сувязі будзе працягнута фарміраванне разумення асабістай адказнасці грамадзян за агульны вынік, за захаванне незалежнасці краіны.

Прэзідэнтам даручана ўраду сумесна з абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам прадугледзець мерапрыемствы па дасягненню задач пяцігодкі якасці ў праграмах (планах) развіцця Беларусі, галін эканомікі, рэгіёнаў.

https://www.orshanka.by/?p=135691