8 красавіка ў Оршы Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя падвяла вынікі рэгіянальнага этапу слёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху Віцебскай вобласці.
Яркае мерапрыемства прайшло на базе гімназіі № 1 г. Оршы імя Г. В. Семёнава і сабрала 8 каманд-пераможцаў раённых этапаў конкурсу. Гэта атрады ЮІД з Талачынскага, Дубровенскага, Сенненскага, Бешанковіцкага, Лепельскага, Чашніцкага, Лёзненскага раёнаў і каманда Бабініцкай сярэдняй школы, якая прадставіла Оршанскі раён.
Праграма рэгіянальнага слёту-конкурсу атрадаў ЮІД ўключала 5 конкурсаў. Хлопцы паказвалі навыкі фігурнага ваджэння веласіпеда, веды правілаў дарожнага руху і аказання першай дапамогі пацярпелым. А свой творчы патэнцыял удзельнікі прадэманстравалі ў конкурсах «Навучальная (пазнавальная) праграма» і «Плакат сацыяльнай рэкламы па бяспецы дарожнага руху».
Па выніках удзелу ва ўсіх выпрабаваннях лідзіруючую пазіцыю занялі хлопцы з гарадскога пасёлка Лёзна. Другое месца ў каманды Дубровенскага раёна. А трэцяе занялі юідоўцы Бабініцкай сярэдняй школы Оршанскага раёна.
Фінальнай кропкай конкурсу стала цырымонія ўзнагароджання.
Пажадаем удачы нашаму атраду ЮІД Бабініцкай сярэдняй школы на абласным этапе слёту-конкурсу, які пройдзе ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы ў канцы красавіка, дзе і вызначыцца самы лепшы атрад ЮІД Віцебскай вобласці.
Сяргей СЛЕПЦОВ.
Фота аўтара і В. ВЕРЕМЬЁВАЙ.
Крыніца: orshanka