Адрас райвыканкама:
211391, Віцебская вобласць, г. Орша,
вул. Аляксандра Астроўскага, 2

Тэлефон:
8-(0216)-51-12-12

E-mail: rikorsha@vitebsk.by

Год малой радзімы
Год малой радзімы
Галоўная / Рэгіён / Геаграфія

Геаграфія

Аршанскі раён размешчаны на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці ў вярхоўі Дняпра. Яго тэрыторыя знаходзіцца паміж нізінай ракі Лучоса і Аршанска-Магілёўскім плато. Па характары рэльефу ў раёне вылучаецца два падраёны: Аршанскае ўзвышша на поўначы і захадзе раёна і Аршанска-Магілёўская раўніна на паўднёвым усходзе раёна. Мяжуе на поўначы з Сенненскім і Лёзненскім, на захадзе – з Талачынскім, на ўсходзе – з Дубровенскім раёнамі Віцебскай вобласці, на паўднёвым усходзе – з Горацкім, на поўдні – са Шклоўскім раёнамі Магілёўскай вобласці.

Плошча раёна – 1700 квадратных кіламетраў. Сельскагаспадарчых угоддзяў – 102,6 тысячы гектараў, у тым ліку 73,88 тысячы гектараў ворнай зямлі. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 260 населеных пунктаў, 2 з якіх – гарадскія пасёлкі.

Самая высокая кропка раёна – 237,5 метра над узроўнем мора, самая нізкая – 146 метраў. Аршанскае ўзвышша – гэта частка марэннай грады, спадчына ледавіка, аб дзеяннях якога нагадваюць валуны рознай велічыні на палях Аршаншчыны. Найбольш вялікія з іх з'яўляюцца помнікамі прыроды (напрыклад, паблізу вёскі Кудаева). Большая частка тэрыторыі раёна занята поймавымі, сухадольнымі лугамі і хмызнякамі. Клімат Аршанскага раёна ўмерана кантынентальны, сярэднегадавая тэмпература студзеня -7,8 С, ліпеня – +18 С. Ападкаў выпадае за год 627 мм. Вегетацыйны перыяд складае 184 дні.

Па тэрыторыі Аршанскага раёна працякае 70 рэк і ручаёў, агульная працягласць якіх складае 544,2 кіламетра. Да рачной сістэме Балтыйскага мора адносяцца рэкі і ручаі, якія належаць басейну ракі Заходняя Дзвіна – гэта рэкі Глухая, Зерамнянка, Добрынка, Бярозаўка, Вярхіта. Да басейна ракі Днепр адносіцца асноўная частка рэк. Найбольш вялікія з іх - Лешча, Дзярноўка, Аршыца, Адроў, Крапівенка. Усяго ў межах раёна водаахоўныя зоны малых рэк займаюць 37532,7 тысячы гектараў, або 22% ад усёй плошчы раёна.

У раёне знаходзіцца 9 азёр, 2 вадаёмы і 3 сажалкі. Самыя вялікія па плошчы азёры – Вялікае Арэхаўскае, Дзевінскае, Кузьміно, Карэсіна, Перавалачна. Плошча водаахоўных зон вадаёмаў на тэрыторыі раёна складае 4294,4 гектара, або 2,6% ад агульнай плошчы раёна. Балоты размешчаны на плошчы 4,2 тысячы гектараў.

Лясы займаюць 23% тэрыторыі Аршанскага раёна. У асноўным – хваёвыя і яловыя, сустракаюцца бярозавыя, асінавыя, альховыя.

Разнастайны раслінны і жывёльны свет Аршаншчыны. У лясах Аршанскага раёна сустракаюцца лось, дзік, казуля, высакародны алень. Даволі рэдка – філін, шулёнак, барсук, мядзянка. Яны ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай. У Клюкаўскім лясніцтве расце сон лугавы (сон-трава), занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі Аршанскага раёна ёсць 13 помнікаў прыроды Рэспубліканскага значэння, 8 помнікаў прыроды мясцовага значэння (помнік прыроды мясцовага значэння – «Дэндралагічны сад» – уключае 250 відаў экзатычных раслін, размешчаны ў Копыскім лясніцтве ДДЛГУ «Аршанскі доследны лясгас») і адзін заказнік мясцовага значэння – «Аланцьеўская града» – плошчай 90,5 гектара, размешчаны на землях Межаўскага сельскага Савета. Сярод карысных выкапняў пераважаюць торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, лёгкаплаўкія гліны.

Орша размешчана на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці, у верхнім цячэнні ракі Днепр і яе прытоку ракі Аршыца, часткова на схілах Аршанскага ўзвышша ў сярэднім на вышыні 180 метраў над узроўнем мора. Горад размешчаны па абодвух берагах Дняпра, яго перасякае рака Аршыца, а на паўднёвай ускраіне працякае рака Адроў. Агульная даўжыня рэк у межах горада перавышае 6 кіламетраў. У межах горада Оршы шмат паркаў: Цэнтральны гарадскі, Прыдняпроўскі, Тэкстыльшчыкаў, парк Герояў, Піянераў і іншыя. Горад займае плошчу 33 квадратныя кіламетры.

Інтэрнэт-рэсурсы